Aдрес: 222811, Минская область,
г. Марьина Горка, ул. Ленинская, 47

Телефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 3-45-60

E-mail: isp@pukhovichi.minsk-region.by
(для деловой переписки)

10.01.2019

У цэнтры ўвагі сельгасарганізацый Пухавіцкага раёна — рамонт тэхнікі

У гэтыя зімовыя дні ва ўсіх гаспадарках раёна вядзецца актыўная падрыхтоўка да будучай пасяўной кампаніі. Інжынерныя службы прыкладаюць усе намаганні, каб своечасова адрамантаваць і падрыхтаваць тэхніку да веснавых палявых работ. Ад паспяховага рамонту сельгасмашын і   агрэгатаў  залежаць вынікі  земляробчай працы.

Да рамонтаў у сельгасарганізацыях актыўна прыступілі напрыканцы лістапада. Рамонт тэхнікі знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ва ўсіх гаспадарках. Створаны звенні па рамонце, у склад якіх увайшлі слесары, токары, газазваршчыкі і механізатары. Згодна з графікам, да 1 лютага аграрыі павінны падрыхтаваць тэхніку, якая будзе задзейнічана  на  веснавых  палявых  работах,  пасяўныя  агрэгаты,  дыскатары.  Да 1 сакавіка — машыны для ўнясення мінеральных   і  арганічных  угнаенняў,   да 10 сакавіка — глебаапрацоўчую  тэхніку (культыватары, чызелі, плугі). Корманарыхтоўчыя камбайны павінны  быць  гатовыя  да 1 красавіка.

На мінулым тыдні мы разам з дзяржаўным інжынерам-інспектарам Дзяржтэхнагляду Ягорам Ганчарыкам наведалі мехмайстэрні ААТ “Шацк” і ААТ “Вецярэвічы”.  У Шацку мы засталі механізатараў за рамонтам   пасяўнога  агрэгата.  Каля  сеялкі  АПП-6Д завіхаўся Уладзімір Русецкі, які вясной зачэпіць яе да энерганасычанага трактара “Беларус-3522”.  Ён таксама патрабуе невялікага рамонту. Па словах механізатара, асноўныя запчасткі ўжо набылі, у бліжэйшыя дні рамонтныя работы будуць завершаны.

Спецыяліст  Дзяржтэхнагляду  падкрэсліў, што ў ААТ “Шацк” рамонт тэхнікі вядзецца недастатковымі тэмпамі. З улікам бюджэтных сродкаў, якія былі выдзелены гаспадарцы, пасяўны агрэгат павінны былі адрамантаваць яшчэ да пачатку студзеня.

Шматлюдна было і ў мехмайстэрні ААТ “Вецярэвічы”. Некалькі чалавек дапамагалі Аркадзю Урублеўскаму з рамонтам   яго  энерганасычанага  трактара.  Механізатар звычайна задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы і ворыве. На сваім трактары ён адпрацаваў чатыры сезона, але тэхніка ўжо патрабуе значнага рамонту. Усе астатнія трактары ў гаспадарцы ў рабочым стане. Праблема тут як і ў многіх іншых сельгасарганізацыях — у недахопе механізатараў.

— Наперадзе яшчэ шмат  работы,  —  адзначае галоўны інжынер ААТ “Вецярэвічы” Уладзімір Капытка.  —  У першую чаргу пачалі рамантаваць  пасяўныя  агрэгаты і глебаапрацоўчую тэхніку. Адна сеялка амаль гатова, на другую толькі  закупілі запчасткі. На дыскатар запчасткі  таксама заказалі, дыскі і культыватар рамантаваць не трэба.

З лепшага боку намеснік начальніка аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Уладзіслаў Бакіноўскі ацаніў ход рамонтных работ у СУП “Дукора-Агра”, ААТ “Голацк”, “Агра-Абярэг”, “Зазерка”, “Аграсімвал”, сельгасфіліяле “Чырвоны Май”. Слаба вядуцца работы ў ААТ “Суцінскі”, “Ражджэственскае-Агра”, “Племянны   завод  “Індустрыя”. У  ЭБ  “Зазер’е” на дадзены момант самая складаная сітуацыя: там увогуле не прыступілі да рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Прочитано 720 раз

© Пуховичский районный исполнительный комитет, 2008-2019
Увидели ошибку на сайте?
Пожалуйста, выделите текст с ошибкой
и нажмите ctrl + enter

Яндекс.Метрика
Разработка и поддержка сайта:
Группа компаний «ЦВР «ОКТЯБРЬСКИЙ»