Адрас: 222811, Мінская вобласць,
Г. Мар'іна Горка, вул.

Тэлефон: +375 (1713) 3-51-66

Факс: +375 (1713) 3-45-60

E-mail: isp@pukhovichi.gov.by 
(для дзелавой перапіскі)

12.10.2018

ААТ «Агра-абярэг» Пухавіцкага раёна: пра дзень сённяшні і будучы

Аператары ЗСК Аляксандр Антончык і Іван Кухцік.

Крыху фантазіі і творчасці  —  і рулоны сенажу ў стрэйч—плёнцы нагадваюць казачных персанажаў. Па дарозе ў ААТ «Агра—Абярэг» некалькі такіх скульптур выклікалі ў мяне шчырыя ўсмешкі. Гэтыя традыцыйныя атрыбуты свята «Дажынак» нагадваюць пра  завяршэнне чарговага сельскагаспадарчага сезона. 

Старонку жніва ў гаспадарцы ўжо перагарнулі. «Арганізавана і зладжана», — такую лаканічную характарыстыку дае дырэктар ААТ «Агра-Абярэг»  Пётр Казак ходу сёлетняй уборачнай кампаніі. Хлебаробы сельгасарганізацыі аднымі з першых у раёне пачалі жніво. За дваццаць дзён напружанай працы ўбрана 2432 гектары збожжавых культур.

12 10 2018 14

Інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Антон Мяжуеў, галоўны інжынер Артур Сачок, слесар па рамонце аўтатранспарту Цімафей Лабус, загадчык гаража Руслан Паўловіч, механізатар Дзяніс Монцік, электрагазазваршчык Андрэй Воранаў.

Усе нашы хлебаробы  маюць багаты вопыт: некаторыя дзесяцігоддзямі працуюць на камбайнах. Мы былі ўпэўнены, што яны справяцца з пастаўленай   задачай,  —  адзначае Пётр Васільевіч. — Надвор’е спрыяла нам падчас уборкі, але ў цэлым сезон атрымаўся неадназначны. У прыватнасці, для  вытворчасці збожжавых культур год неспрыяльны. Холад, дажджы і засуха — хапіла ўсяго. Мы захавалі ўсе агратэхнічныя тэрміны, але такога выніку ніхто не мог прадугледзець.

Сёлета засекі гаспадаркі папоўніліся 8300 тонамі збожжа. У працэнтных суадносінах па намалоце да мінулага года сельгасарганізацыя недабрала 23 працэнты. Безумоўна, такая сітуацыя засмуціла ўсю  каманду механізатараў, бо нямала сіл  яны  прыклалі  да работы на палях. Але надвор’е чалавеку  непадуладнае.

Вадзіцель Сяргей Бялевіч.

На   камбайнах   працавалі Мікалай Ляпёшка,   Уладзімір Асіпук, Мікалай Паўлоўскі, Іосіф  Вільтоўскі, Сяргей Лабус, Уладзімір Пакроўскі,    Сяргей Дулік, Анатоль Савіч, Аляксандр Верасовіч.

Мікалай Ляпёшка чарговы раз трапіў у лік пераможцаў у раёне: ён заняў другое  месца  сярод  маладзёжных экіпажаў.

Узнагароду на раённым свяце сёння атрымае вадзіцель Сяргей Бялевіч, які стаў другім у раённым спаборніцтве. Сяргей Міхайлавіч працуе на аўтамабілі  ГАЗ  1986 года выпуска і, як   пры-знаўся сам, на сучасную тэхніку яго не прамяняе.

— Я прыйшоў у гаспадарку ў 1988 годзе, і машына ўжо мяне чакала. Яна надзейная, мяне не падводзіць, — расказвае Сяргей Міхайлавіч. —  Грузападымальнасць аўтамабіля — чатыры тоны. Плюсы яго ў тым, што без праблем можа заехаць у нашы невялікія склады.

Вядучы аграном Максім Шабан.

На адвозцы збожжа быў задзейнічаны і наёмны транспарт. Гэта  дазволіла гаспадарцы рытмічна працаваць 20 дзён.

—  Важную ролю падчас жніва адыграла галоўны аграном Раіса Есімчык. Дзякуючы яе вопыту і ўменню ў нас атрымалася дакладная арганізацыя працы, — гаворыць Пётр Казак.

Дапрацоўка збожжа на дзвюх зернесушыльных  устаноўках  вялася  кругласутачна. У гэтым годзе на ЗСК-40 працаваў выпускнік Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа Іван Кухцік. Настаўнічаў над маладым спецыялістам вопытны аператар, прызёр раённага спаборніцтва Аляксандр Антончык.

— Аляксандр Дзмітрыевіч не толькі мой настаўнік, але ўжо і напарнік, —  гаворыць Іван Кухцік. — Мы працавалі ў розныя змены. Яго парады і мой асабісты  невялікі  вопыт  дапамаглі мне.

Услед за камбайнамі на палі выехалі трактары з прэс-падборшчыкамі. Механізатарам на прэсаванні саломы працаваць было не лягчэй, чым камбайнерам. Гэта адказная справа лягла на плечы Віктара Граблюка, Алега Рунца і Мікалая Паўлоўскага.

Інжынер-энергетык Уладзімір Чэрап.

Не менш старанна працавалі з вясны на ўнясенні ўдабрэнняў Анатоль Савіч, Уладзімір Асіпук, Мікалай Паўлоўскі.  Шмат увагі ў сельгасарганізацыі надаюць догляду за пасевамі.  Гэтым сёлета займаліся Уладзімір Пакроўскі, Іосіф Вільтоўскі. Па выніках вясенніх палявых работ гаспадарка аказалася на другім месцы ў раёне.

Падчас нашай размо вы кіраўнік гаспадаркі не раз звярнуў увагу на тое, што вясенняя пасяўная і ўборачная кампаніі прайшлі без значных турбот дзякуючы добра падрыхтаванай тэхніцы.  Інжынерную службу ў гаспадарцы ўзначальвае  галоўны інжынер Артур Сачок. Ён  заняў  трэцяе месца па выніках   раённага  спаборніцтва.

Механізатар Мікалай Ляпёшка.

— Пётр Васільевіч калісьці таксама працаваў у інжынернай службе, таму мы лёгка знайшлі агульную мову, — гаворыць Артур Сачок. —  Я  ўдзячны   кіраўніку   за тое, што ён паверыў у мяне і ўзяў на пасаду галоўнага інжынера ў дваццаць тры гады. Вось ужо амаль пяць гадоў я працую тут.

Сёння ў гаспадарцы працуюць сямнаццаць маладых спецыялістаў.  Гэта  трэцяя частка калектыву. Моладзі кіраўнік давярае, бо ў свой час яны прымуць эстафету і будуць працягваць пачатую справу.

Шмат моладзі мы сустрэлі на мехдвары. Слесары, інжынеры, загадчык гаража, газаэлектразваршчык — па гэтых прафесіях працуюць перспектыўныя маладыя людзі. Прыгожыя і таленавітыя дзяўчаты працуюць у бухгалтэрыі гаспадаркі.

— Такіх добразычлівых кіраўнікоў, як у нас, трэба яшчэ пашукаць. У іх і хочацца вучыцца, — гаворыць вядучы аграном Максім Шабан. — У нашай гаспадарцы створаны ўсе ўмовы для якаснай працы.

Не сакрэт, што складанасці з кадрамі ў сельскагаспадарчай галіне ёсць. Моладзь чамусьці не імкнецца сесці за руль трактара або камбайна. І гэта пры тым, што сёння ніхто не ліміціруе ва ўзроўні зарплаты. У гаспадарцы гатовы плаціць добрыя грошы, але ж іх трэба зарабіць.

— Нядаўна мы атрымалі новы трактар МТЗ-3522 з дзевяцікорпусным плугам. За гэта я ўдзячны кіраўніцтву раёна і вобласці, — працягвае Пётр Казак. — У дзве змены  на ім працуюць Уладзімір Міхаленя і Уладзімір Асіпук. За дзень яны заворваюць па 50-60 гектараў.

Наша размова з кіраўніком пра дзень сённяшні перайшла ў дзень будучы. Пётр Васільевіч расказаў, што праз гадоў пяць-сем  на нашых палях з’явіцца  магутная высокап радукцыйная тэхніка. Пяць механізатараў будуць выконваць тую ж работу, што  раней выконвалі дваццаць чалавек. Трактары з аўтапілотам, якія працуюць без механізатараў, пакуль здаюцца тэхнічным цудам. У нашай краіне яны ўжо ёсць, цяпер праходзяць выпрабаванне. Безумоўна, на ўсіх відах работ чалавека яны не заменяць, аднак на ворыве і культывацыі самастойна працаваць змогуць. Мы ідзём да сістэмы дакладнага земляробства, калі аграномы будуць мабільнымі і ў анлайн-рэжыме будуць атрымліваць усю неабходную інфармацыю пра сітуацыю на палях на  свой  камп’ютар. З гэтымі тэхнічнымі   навінкамі  і  будзе працаваць сённяшняя  моладзь.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Чытаць 2018 разоў

© Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 2008-2020
Убачылі памылку на сайце?
Калі ласка, вылучыце тэкст з памылкай
і націсніце ctrl + enter

Яндекс.Метрика
Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»